Дзень салідарнасці з Беларуссю 2015

4 жніўня ў 7 краінах свету прайшлі акцыі ў падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Праваабаронцы, грамадскія актывісты і проста неабыякавыя да лёсу беларусаў людзі распавядалі на вуліцах сваіх гарадоў і ў сацыяльных сетках пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

«У гэтым годзе мы распачалi новую лінію - удзел беларускіх праваабаронцаў і журналістаў у дзеяннях міжнароднай салідарнасці. Нам важна паказаць, што нават у такой складанай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, заўсёды ёсць месца ўзаемападтрымцы, увазе да міжнародных праблемаў. Дзеянні па Азербайджане, Крыму, канфлікту ў Ошы, Грузіі, Украіне, акцыі салідарнасці з Тыбетам - вось тое нешматлікае, чым займаюцца беларускія праваабаронцы і журналісты,» - паведамляе са-каардынатар Дня салідарнасці Лада Бурдачова.

Арганізаваным шэсцем з фотаздымкамі палітычных вязняў Беларусі пачаўся Дзень салідарнасьці ў Вільні. Беларускія праваабаронцы і актывісты прайшлі да мясцовай Ратушнай плошчы, дзе каля гадзіны прапаноўвалі мінакам падпісаць паштоўкі палітвязням Беларусі і заклікалі падумаць пра праблемы суседняй краіны. На мерапрыемстве таксама выступіла старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова, якую ня так даўно выслалі з Беларусі.

У Варшаве, Маскве, Санкт-Пецярбургу і Шымкенте прайшлі кінапаказы на вострыя для Беларусі тэмы: смяротнае пакаранне, гвалтоўныя знікненні палітыкаў і журналістаў, забарона іншадумства і iнш. На дадзеных мерапрыемстах у якасцi экспертаў выступiлi супрацоўнік Хельсінскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава, старшыня Amnesty International Polskа Надзеждзін Драгіна, прадстаўнік па становішчы праваабаронцаў у Беларусі Міжнароднай назіральнай місіі Дзмітрый Макараў, старшыня "Беларускага дакументацыйнага цэнтра" Раіса Міхайлоўская, маці зніклага ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага Вольга Завадская, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Юлія Хлашчанкова, прадстаўнік Цэнтра Прававой Трансфармацыі "Lawtrend" Міхаіл Мацкевіч і журналіст Андрэй Аляксандраў.

Яшчэ адна акцыя ў падтрымку Беларусі «Не дай расстраляць правы і свабоды» прайшла каля амбасады Беларусі ў Кіеве. Таксама ўсім жадаючым было прапанавана падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням, а пасля ўскласці кветкі да помніка Уладзіміра Караткевіча.

У Алма-Аце, Вiўрынге (Нарвегія), Варонежы, Львове, Саратаве, Мурманску i Калінінградзе ўдзельнікі Дня салідарнасці фатаграфаваліся з плакатамі і раздавалі ўлёткі, якiя распавядалi пра сітуацыю з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.

«Мы абралі самыя абсурдныя, на наш погляд, сітуацыі парушэння правоў чалавека, якія тычацца розных катэгорый людзей, да адной з якіх сябе можа аднесці практычна кожны: фатограф, замежнік, студэнт, валантэр, актывіст, музыка і гэтак далей. Прадстаўникоў усiх гэтых груп ў Беларусі абмяжоўваюць ў правах і свабодах. Таму нам было важна, з аднаго боку, распавесці пра гэтыя сітуацыi і праблемы, а з другога - даць удзельнікам 4 жніўня магчымасць адчуць гэтыя праблемы на асабістым узроўні і праявіць салідарнасць з людзьмі, якія з гэтымі праблемамі сутыкаюцца,» - адзначаюць арганізатары Дня салідарнасці ў гэтым годзе.

Шэраг падобных акцый таксама прайшлі ў Францыі, Казахстане і розных кутках Украіны і Расіі. У гэты дзень масавая дзейнасць разгарнулася і ў сацыяльных сетках, дзе вядомыя праваабаронцы, палітыкі і дзеячы культуры, а таксама простыя грамадзяне з розных краін пакідалі свае фатаграфіі з плакатамі ў падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Фотографии: 
Share: