4 жніўня ва ўсім свеце - вынікі

Тысячы чалавек па ўсім свеце далучыліся да Міжнароднага Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Праваабаронцы, грамадзянскія актывісты, палітыкі, дзеячы культуры і звычайныя грамадзяне з 15 краін свету прынялі ўдзел у акцыях салідарнасці 4 жніўня.

Дата 4 жніўня абрана не выпадкова: гэта гадавіна арышту вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека.

У гэты дзень у 2011 годзе ён быў арыштаваны і пазьней асуджаны на 4,5 гадоў пазбаўлення волі. Алесь адбывае пакаранне ў калоніі Бабруйска ў Беларусі.

У 2012 годзе гэты дзень быў адзначаны масавымі акцыямі ў падтрымку Алеся Бяляцкага, іншых палітвязняў, а таксама грамадзянскай супольнасці Беларусі, таму было прынята рашэнне аб'явіць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці.
    
У гэтым годзе акцыі прайшлі ў некалькіх гарадах Польшчы, Украіны, Расіі, Германіі, а таксама ў Нарвегіі, Швецыі, Швейцарыі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Кыргызстане, Казахстане, Азербайджане, Арменіі і ЗША.

Правядзенне дня салідарнасці ў гэтым годзе атрымала шырокае асвятленне ў СМІ і сур'ёзную палітычную падтрымку - 15 дэпутатаў Еўрапейскага Парламента з розных краін выступілі з адмысловай заявай, заклікаўшы ўлады Беларусі вызваліць Алеся Бяляцкага і паважаць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў сферы абароны правоў чалавека. З заявай таксама выступіў Міклаш Харасці - спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Дзень салідарнасці падтрымалі практычна ўсе найбуйнейшыя міжнародныя праваабарончыя і грамадзянскія арганізацыі. Спецыяльныя матэрыялы і заявы ў гэты дзень апублікавалі Сетка Дамоў Правоў Чалавека, Фрыдам Хаўс, СІВІКУС (сусветны альянс за грамадзянскі ўдзел). Партнёрам правядзення дня салідарнасці выступіла Міжнародная Федэрацыі Правоў Чалавека, якая таксама абвясціла вялікую міжнародную кампанію ў падтрымку Алеся. Міжнародная Амністыя падтрымала правядзенне акцыі ў Расіі і Украіне.

        

У розных гарадах у гэты дзень былі арганізаваныя дыскусіі па сітуацыі ў Беларусі, у асноўным прысвечаныя становішчы праваабаронцаў, адмене смяротнага пакарання, развіццю грамадзянскай супольнасці. Асобная ўвага была ўдзелена справе Алеся Бяляцкага: паўсюль у гэты дзень былі яго фатаграфіі, праводзіўся збор подпісаў пад зваротамі за яго вызваленне, падчас шэрагу акцый ва ўдзельнікаў была магчымасць напісаць Алесю паштоўку або ліст з пажаданнямі.

У цэнтры многіх еўрапейскіх гарадоў - у прыватнасці ў Вільні, Варшаве, Празе, Берліне - прайшлі масавыя вулічныя акцыі з раздачай улётак з інфармацыяй пра Алеся і іншых палітычных зняволеных, а таксама са зборам подпісаў. 5 жніўня ў Вільні адбылася акцыя ля амбасады Беларусі, удзельнікі якой перадалі ў амбасаду зварот з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных, а таксама неадкладнага спынення рэпрэсій у адносінах да беларускіх актывістаў.

У Маскве 4 жніўня была праведзена выстава работ беларускіх фатографаў, у асноўным прысвечаная розным аспектам дзейнасці грамадзянскай супольнасці, прэзентаваная кніга «Справа Бяляцкага» пісьменніка і журналіста Валерыя Каліноўскага, а таксама прайшоў круглы стол «Ці стане Расія Беларуссю?» Аб паралелях развіцця грамадзянскіх супольнасьцяў у двух краінах.

У Кіеве цэлы парк на ўвесь дзень была абвешчана «Прастора свабоднай Беларусі», дзе праходзілі лекцыі, дыскусіі, фотавыставы. На фотавыставу паспрабавалі напасці невядомыя правакатары, але ім не ўдалося сарваць правядзенне акцыі.

Як напісана ў маніфесце Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі: «Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца: пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання меркавання, сходаў і аб'яднаньняў. »

На жаль, ужо сёння, 5 жніўня, калі ў Мінску за раздачу ўлётак у падтрымку Алеся Бяляцкага былі затрыманы праваабаронцы Таццяна Равяка і Уладзімір Лабковіч, стала відавочна, што сітуацыя ў Беларусі не зменіцца так хутка, і па-ранейшаму важная шырокая грамадская падтрымка і прыцягненне увагі да правоў чалавека ў Беларусі.

 

Дадатковая інфармацыя:

Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі абвешчаны ў 2012 годзе па ініцыятыве шэрагу міжнародных і нацыянальных арганізацый: Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Цэнтра Грамадзянскіх свабодаў (Кіеў, Украіна), Хельсінкскага Фонду па Правах Чалавека (Варшава, Польшча), Маскоўскай Хельсінкскай групы (Масква, Расія), Міжнароднага Моладзевага Праваабарончага Руху.

У 2013 годзе ў Арг. Камітэт Акцыі таксама ўвайшлі: Індэкс (Index on cenceroship) і Беларускі Дом Правоў Чалавека ім. Барыса Звоскава.

 

Дзень салідарнасці ў Інтэрнэце:

www.by.soli-day.org
www.facebook.com/bysoliday
twitter @soli_days
e-mail: by-soliday@hrgroups.org

Фотографии: 
Share: