Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначаць ў другі раз

Няўрадавыя арганізацыі розных краін свету другі год запар ініцыююць правядзенне Міжнароднага Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

 Ён праводзіцца 4 жніўня - у гадавіну арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Акцыя задумана для дэманстрацыі салідарнасьці з грамадзянскімі сіламі Беларусі і аказання маральнай падтрымкі праваабаронцам і грамадзянскім актывістам, якія працягваюць сваю працу ў краіне, паведамілі «Штодзённіку» у Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі.

«Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца: пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання меркавання, сходаў і аб'яднанняў» , - гаворыцца ў Маніфесце Дня салідарнасці.

У мінулым годзе мерапрыемствы ў рамках акцыі прайшлі больш чым у 18 краінах свету. У гэтым годзе арганізатары прапануюць людзям па ўсім свеце адпраўляць паштоўкі і лісты са словамі падтрымкі беларускім палітвязням, праваабаронцам і актывістам, публікаваць матэрыялы і праводзіць асветніцкія акцыі аб сітуацыі ў Беларусі.