Дзень салідарнасці з Беларуссю прайшоў у Вільнюсе

У межах Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў сталіцы Літвы адбылася акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Мерапрыемства прайшло днём на Ратушнай плошчы і скончылася шэсцем дзеючых і пачынаючых беларускіх праваабаронцаў да Беларускага дому правоў чалавека імя Б. Звозскага.

У знак салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю ўдзельнікі акцыі падпісвалі паштоўкі палітвязням Беларусі і фатаграфаваліся з іх партрэтамі. Прадстаўнікі СМІ з цікавасцю размаўлялі з ужо вядомымі ў сферы абароны правоў чалавека людзьмі, такімі як Алена Танкачова і Андрэй Палуда, а таксама з маладымі праваабаронцамі Беларусі.

Нагадаем, што такiя мерапрыемствы ў падтрымку Беларусі праводзяцца не ў першы раз. У папярэднія гады рознага кшталту акцыі прайшлі ў некалькіх дзясятках краін свету.

Чаму 4 жніўня? Менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе ў Менску быў арыштаваны вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі. І хоць ён быў датэрмінова вызвалены ў 2014 годзе, ціск на праваабаронцаў і актывістаў не спыніўся. Як мінімум 6 палітвязняў застаюцца за кратамі. І ў сувязі з надыходзячымі выбарамі Прэзідэнта РБ, якія прызначаныя на 11 кастрычніка, няма гарантый, што новых выпадкаў пераследу па палітычных матывах не будзе.

На сённяшні дзень 6 беларусаў незаконна пазбаўленыя волі за свае палітычныя перакананьні. З 1996 года наяўнасць палітычных зняволеных у Беларусі зрабілася пастаяннай з'явай. Рознага кшталту рэпрэсіям ужо падвергнута некалькі тысяч чалавек. 4 з iх - былыя палітычныя апаненты прэзідэнта - зніклі.

Фотографии: 
Share: