Маніфест

Мы, удзельнікі грамадскіх і праваабарончых груп, арганізацый і проста людзі добрай волі з розных краін, абвяшчаем ініцыятыву правядзення 4 жніўня Міжнароднага Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Беларусь - краіна ў самым цэнтры Еўропы і ў той жа час – адзіная з дзяржаваў кантынента, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне і ня дзейнічае Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека.

Пры гэтым грамадзянская супольнасць Беларусі - адна з самых моцных на постсавецкай прасторы. Беларускія праваабаронцы штодня аказваюць прававую падтрымку дзясяткам людзей. Юрысты з Беларусі выйграюць справы ў Камітэце па правах чалавека і іншых органах ААН. Рэжысёры, мастакі, пісьменнікі і музыкі працягваюць стварыць. Беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой» вядомая па ўсім свеце сваімі песнямі і грамадзянскай пазіцыяй, пры тым, што ў сябе на радзіме яны ўнесены ў «чорныя спісы» забароненых артыстаў.

Палітыкі нашых краін то лаюць ўлады Беларусі, то садзяцца з імі за стол перамоваў; ўводзяць санкцыі, але пры гэтым працягваюць гандляваць; пагражаюць ізаляцыяй, але падтрымліваюць кантакты. Але гэта - доля палітыкаў.

Мы ж - грамадскія актывісты, праваабаронцы і проста неабыякавыя людзі - лічым важным выказаць нашу падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі, прадстаўнікі якой працягваюць прасоўваць і абараняць стандарты правоў чалавека і вяршэнства права, прапаноўваць новыя ідэі і ініцыятывы, дапамагаць людзям, сустракацца, размаўляць, пісаць і ствараць. І ўсё гэта – насуперак сістэматычнаму парушэння фундаментальных правоў: свабоды сходаў, аб'яднанняў, выказвання меркаванняў - тых асноў, без якіх грамадзянская супольнасць існаваць не можа.

Мы хочам прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі і праявіць салідарнасць з тымі людзьмі, якія змагаюцца за свабоду ва ўмовах пастаяннага ціску і пераследу. Няхай у гэты дзень ўвагу СМІ, інфармацыйных агенцтваў і грамадзян нашых краін будзе максімальна прыцягнута да таго, што адбываецца з грамадзянскай супольнасцю ў гэтай еўрапейскай краіне, да яе праблем і складанасцяў. Мы хочам, каб нашы калегі ў Беларусі адчулі нашу падтрымку і знайшлі ў ёй сілы рухацца далей у зацвярджэнні правоў чалавека і вяршэнства права ў сваёй краіне.

У гэты дзень - 4 жніўня 2011 года - быў арыштаваны Алесь Бяляцкі, адзін з вядучых беларускіх праваабаронцаў, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека. Менавіта гэты момант для многіх адзначыў новы этап ўціску праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у краіне, дзе масавыя парушэнні правоў чалавека сталі ўжо звыклай карцінай.

Мы ствараем гэты дзень не для падтрымкі якіх-небудзь апазіцыйных палітычных сіл. У гэты дзень павінны гучаць не заклікі да звяржэння існуючага рэжыму ў Беларусі, а заклікі да выканання ўзятых на сябе краінай міжнародных абавязацельстваў у сферы абароны правоў чалавека.

Мы лічым, што свабода не павінна мець межаў. Мы лічым, што сітуацыя ў Беларусі - гэта агульны выклік для грамадзянскай супольнасці ўсёй Еўропы і Еўразіі. І што ўсё гэта прастора не можа лічыцца тэрыторыяй свабоды, пакуль захоўваюцца краіны, дзе яе няма - такія, як Беларусь.

Мы перакананыя, што да той пары, пакуль хоць бы адна дзяржава будзе спакойна і беспакарана дэманстраваць грэбаванне як меркаваннем ўласных грамадзян, так і міжнароднымі нормамі і прынцыпамі, такі сцэнар будзе магчымы і ў іншых краінах, улады якіх працягваюць шукаць усё новыя спосабы таго, як можна заглушыць галасы крытыкаў і апанентаў, і вельмі хутка пераймаюць «горшыя практыкі» сваіх суседзяў. І фактычна адзінае, што мы можам гэтаму супрацьпаставіць – наша міжнародная салідарнасць.

Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца: пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання думкі, сходаў і аб'яднанняў.